Пятае затрыманне цэлымі сем’ямі за тыдзень



Затрымалі айцішніка і ягонага бацьку-слесара. Гэта пятае затрыманне цэлымі сем’ямі за тыдзень, піша НН.

Дзмітрый Шкрэд — 23-гадовы айцішнік-фрылансер, займаецца вэб-распрацоўкай. Ягонаму бацьку Аляксандру 51 год, ён працуе слесарам-рамонтнікам на заводзе «Атлант». Абодвух абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах і падпісках на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Толькі за гэты тыдзень на каналах ГУБАЗіКа з’явіліся яшчэ чатыры відэа з затрыманымі ўсёй сям’ёй: сям’я ўладальніка «Аэрабелсервіса» Шэсцерава, сям’я Гаро, сям’я Волчакаў і сям’я невядомых.

Таксама за апошнія два тыдні вынесеныя некалькі прысудаў сем’ям. Толькі 13 кастрычніка судзілі чатыры сям’і ў адзін дзень — большасць фігурантаў адправілі ў калоніі, неглядзячы на тое, што некаторыя мелі па некалькі дзяцей.