Раман Кісляк: Імем Ашурка назвалі Закон аб правах зняволеных
Вядомы беларускі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак нарадзіўся 13 кастрычніка. Яму сёння споўнілася б 52 гады. Вітольд у траўні 2021 года загінуў у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.
Праваабаронцы рыхтуюць закон, каб падобнай сітуацыі не здарылася.

Пра асобу Вітольда Ашурка і чаму закон носіць яго імя кажа праваабаронца Раман Кісляк:
– Перасякаліся толькі на мерапрыемствах у межах “Руху за Свабоду”. Я зараз з калегамі займаюся распрацоўкай і прасоўваннем Закона імя Вітольда Ашурка аб правах зняволеных і гарантыях іх рэалізацыі, і належнага расследавання ў выпадку іх смерці. Гэта тычыцца не толькі палітвязняў, а ўсіх. Мы сутыкнуліся з нябачаным маштабам здзекаў, не гуманнага стаўлення да зняволеных, нават у некаторых выпадках гэта дасягае ўзроўню катавання.
На думку праваабаронцы, гэты закон патрэбны ўсім, хто знаходзіцца ў зняволенні:
– Закон – гэта не толькі тэкст на паперы, самае галоўнае, калі закон у галовах людзей. Мы зараз пачынаем прасоўваць, каб людзі ведалі, што ёсць такая патрэба, што неабходна такое замацаванне, гарантыя, працэдура. Каб была дыскусія пра тое, як нам рэгуляваць вось гэтыя стасункі. Глабальная дыскусія – у якой краіне нам жыць. А ў прыватнасці тое, што тычыцца зняволеных.
Раман Кісляк упэўнены, што гэты закон зможа быць прыняты толькі ў новай Беларусі, а ў сучаснай – ён нікому не патрэбны.
Беларускае Радыё Рацыя