Раман Кісляк: Прысуд «Вясноўцам» не мае нічога агульнага з правасуддзем
Праваабаронцы ў «Вясны», у тым ліку нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення.

Суддзя Марына Запаснік вынесла сёння жорсткія прысуды праваабаронцам: Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі, віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі.
Прысуд каментуе беларускі праваабаронца Раман Кісляк:
– Відавочна, што гэты прысуд – гэта наступ на правы чалавека, гэта наступ на правасуддзе. Наогул судовы працэс і гэты прысуд не маюць нічога агульнага з правасуддзем. Для мяне відавочна, што гэтыя дзеянні, якія здзяйснялі Алесь Бяляцкі ды іншыя сябры «Вясны» не з’яўляюцца злачынствам, і не павінны былі так кваліфікавацца. Тут улады відавочна выйшлі за рамкі тлумачэння артыкула.
Па словах Рамана Кісляка праваабаронцаў могуць выпусціць у любы момант:
– Могуць і выпусціць – гэта ўсё ў руках улад. Ёсць працэдура абскарджання, ёсць працэдура памілавання, ёсць амністыя. Былі выпадкі, што ўвогуле людзей выпускалі без дастатковых прававых падставаў, вось у жніўні 2020 года. Адвольна могуць і пасадзіць і адпусціць – тут магчымасцяў маса.
Раман Кісляк лічыць «вясноўцаў» закладнікамі беларускай сістэмы, якімі могуць «гандляваць» з Захадам, аднак сам праваабаронца катэгарычна супраць такога падыходу «гандлю людзьмі».
Беларускае Радыё Рацыя