Рамана Пратасевіча дапыталі як сведку на судзе
У Менску працягваецца судовае пасяджэнне па так званай „Справе аб змове”. Напярэдадні, 10 жніўня, у судзе выступілі арыштаваныя прафсаюзныя лідары. У гэтай палітычнай справе яны праходзяць як сведкі.

Судовы працэс у «справе аб дзяржаўным перавароце», дзе фігуруюць Юры Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёна.
Як паведамляюць праўладныя СМІ, сёння, 11 жніўня, у якасці сведкі дапыталі блогера Рамана Пратасевіча. Ён пацвердзіў, што знаёмы з Юрыем Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым. Паводле слоў Рамана Пратасевіча, ён пазнаёміўся з Зянковічам у 2017 ці 2018 гадах — іх пазнаёміў Дзмітры Шчыгельскі ў Менску. З самім Шчыгельскім Пратасевіч пазнаёміўся прыкладна ў 2015 годзе ва Украіне.
«Мне Шчыгельскі паведаміў, што ёсць варыянт сілавога зрынання ўлады ў Беларусі, і запрасіў да ўдзелу ў zoom-канферэнцыі», — сказаў Пратасевіч у судзе. Ён сказаў, што планавалася сустрэча Ціханоўскай і «змоўцаў» у Маскве, Стамбуле або якім-небудзь іншым горадзе ў Еўропе. Таксама распавёў, што «змоўцы» бачылі адзін варыянт зрынання ўлады — «сілавы з удзелам вайскоўцаў». «Ніякім іншым спосабам уладу нельга было змяніць. Маршы і шэсці ўжо праваліліся», — сказаў Пратасевіч.
Беларускае Радыё Рацыя