Рух салідарнасці „Разам”: Не – манеўрам чужых войскаў
Не – манеўрам чужых войскаў на нашай зямлі! Такую заяву прыняў гарадскі сход Руху салідарнасці “Разам”, які быў прымеркаваны да 27-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Правядзенне сходу ў дзень 27 ліпеня, які яшчэ нядаўна святкаваўся як Дзень Незалежнасці, абрана не выпадкова, кажа лідар Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:
– Сёння Дзень Незалежнасці, які абсалютна незаконна адмяніў Аляксандр Лукашэнка. Незалежнасць любому народу дастаецца вельмі цяжка і беларускі народ не з’яўляецца выключэннем. Каб нашыя людзі не гінулі ў войнах, якія Расея вядзе па ўсім свеце, Беларусь павінна быць незалежнай.
Сход сябраў Руху салідарнасці “Разам” прыняў заяву з патрабаваннем вызваліць усіх палітзняволеных, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. На сходзе таксама былі абраныя каардынатары Руху па горадзе Менску.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
