Руслан Кулевіч: Калі б не было дыяспары, то не было б і нашага медыя
Госць Рацыі – Руслан Кулевіч – галоўны рэдактар “Мост-медыя”, новага выдання, якое з’явілася ў Беластоку і мае мэту наводзіць “масты” над мяжой. Ён падводзіць вынікі мінулага года дзейнасці свайго рэсурсу і кажа пра асабістыя вынікі ў размове з нашымі карэспандэнтамі Стасем Дадэркам і Янай Запольскай.

Руслан Кулевіч: Перш за ўсё хацеў бы падзякаваць дыяспары, бо калі б не было яе, то не было і нашага б медыя. Мы прыехалі ў пачатку 2022 года і пачалі свой праект медыя. І мы разам з запускам медыя адкрылі такі каворкінг “Медыя-порт” для беларусаў у Беластоку. Такі самы ёсць у Варшаве.
І так атрымалася, што мы планавалі гэтую пляцоўку зрабіць для журналістаў, а пачалі прыходзіць і актывісты, і тыя людзі, якія хочуць менавіта штосьці рабіць, менавіта беларусы. Бо ў Беластоку да таго моманту не было ніякай такой пляцоўкі, дзе маглі б збірацца беларусы. І вось цягам года мы праводзілі нейкія мерапрыемствы, імпрэзы. “Мова Нанова” ў нас праходзіла, дыяспара прыходзіла пісаць лісты палітвязням, праходзілі выставы.
Я вельмі цешуся, што зараз у Беластоку адкрылася новая пляцоўка “Новая зямля”, і яны нас трохі разгрузілі, і гэта вельмі важна. І мы як журналісты можам сканцэнтравацца на нашай справе: пісаць артыкулы, рабіць здымкі і гэтак далей.
РР: Перад эфірам ты згадаў пра школу журналістыкі, якая дзейнічае пры “Медыя-порце”. Яе наведваюць 12 чалавек, гэта па сутнасці куюцца новыя кадры?
Руслан Кулевіч: Так. Мы заўсёды шукаем новых аўтараў, фрылансераў, журналістаў і мы зацікаўленыя ў моладзі. І мы вырашылі, што ў нас ёсць магчымасць дзяліцца сваім вопытам з беларусамі. І беларусы таксама самі прыходзяць і расказваюць, як мы можам ім дапамагчы. І вось мы вырашылі зрабіць такую школу, атрымалі 25 заявак, стала ходзяць дзесьці 12 або 13 чалавек. І мы запрашаем розных журналістаў, якія тут у нас, побач з намі працуюць, і кожны дзеліцца сваім вопытам.
Таксама мы хацелі б і да вас прыйсці, паказаць, як працуе “Беларускае Радыё Рацыя”, якое ўжо шмат гадоў асвятляе падзеі ў Беларусі і на памежжы, і на “Радыё Беласток” хацелі прыйсці, калі атрымаецца. Можа, і на “Белсат” у Варшаву з’ездзім. Мы бачым, што ёсць цікавасць у беларусаў вывучаць журналістыку, пісаць, бо зараз кожны можа стаць журналістам, сацыяльныя сеткі гэта дазваляюць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя