Руслан Кулевіч: ”Мост-медыя” – гэта моладзевая каманда для беларускіх журналістаў



Беларускія журналісты ў эміграцыі працягваюць прафесійна рабіць сваю працу і ў межах ранейшых СМІ, і ў межах новых медыя. Прыкладам ёсць MOST Media, якое аб’яднала маладых журналістаў і фрылансераў у Беластоку. Чым жыве MOST сёння, і якім бачыць сваю будучыню – пагаворым з яго галоўным рэдактарам Русланам Кулевічам.

РР: Ёсць шмат пра што пагаварыць, але першае пытанне ўсё ж такі пра экстрэмізм, таму што з гэтага патоку інфармацыі, звязанага з эктрэмізмам і экстрэмістам як цябе, можна ўжо заблытацца. Вось на сёння як твой статус экстрэмісцкі, скажам, выглядае?

Руслан Кулевіч: Нас першы раз прызналі экстрэмістамі ў траўні 2022 года. Нашы сацсеткі і, здаецца, лагатып “Маста” прызналі. А пасля яны там штосьці яшчэ дадавалі, ну, і нечакана ў сакавіку суд горада Крупкі ў Беларусі прызнаў наш Цікток экстрэмісцкім. Для мяне гэта было нечакана – дзе мы, а дзе Крупкі гэтыя? Нават не ведаў, што такое месца ёсць у Беларусі, нават падумаў Крупск, а мне калегі – Крупкі, гэта Менская вобласць, непадалёк ад Магілёўскай вобласці. І я вырашыў, што яны проста хайпуюць на нашым імені, бо зраз “Мост” на пад’ёме, у нас моладзевая такая каманда. І суд Крупак вырашыў сабе нейкую зорачку займець, бо я разумею, калі Гарадзенскі суд, суд Ленінскага раёна, у іх там ёсць загад, але калі суд Крупак – дзе мы, а дзе Крупкі? Для мяне гэта было смешна. Мы і скаргу ў Мінінфарм напісалі. Самае цікавае, што яны адзін і той Цікток два разы прызналі экстрэмісцкім. Спачатку суд Ленінскага раёна горада Гародні, а пасля суд Крупак.

Чаму вось так адбываецца – не разумею, але так марнуюць дзяржаўныя грошы.

РР: І вы напісалі скаргу, што якраз ёсць марнаванне вось гэтых дзяржаўных грошай, то–бок два гэтыя суды. І яны ў розны час прынялі гэтыя рашэнні.

Руслан Кулевіч: Так. Суд Гарадзенскі зрабіў гэта раней, а вось у Крупках – зусім нядаўна. Нейкі такі парадокс. І мы пісалі, але адказу не было. Але гэтая навіна разляцелася па беларускіх медыя – глядзіце, што адбываецца.

РР: І цяпер пра “Мост-медыя”. Каманда, як ты заўважыў, разрастаецца, ведаю, што ўжо каля дзясятка чалавек, з улікам фрылансераў, у вашай камандзе. “Мост-медыя” на сёння – гэта што?

Руслан Кулевіч: ”Мост-медыя” – гэта, напэўна, моладзевая такая каманда для беларускіх журналістаў, якія хочуць рабіць штосьці прафесійнае, незвычайнае і папулярызаваць Беларусь за мяжой. І расказваць, што беларусы сапраўды не толькі палітвязні, але беларусы – гэта тыя, якія могуць штосьці рабіць. Напрыклад, мы запусцілі некалькі новых праектаў, адзін з іх гэта “Беларусы могуць”!. Мы расказваем пра беларусаў, якія за мяжой, у Польшчы менавіта, робяць свой бізнес. Бо мы год пісалі пра палітвязняў, здымалі відэа для праграмы “Вернемся” і  мы бачым, што гэта такія цяжкія гісторыі людзей, якія былі ў турме. Яны вось прыязджаюць, расказваюць. Пра гэта трэба казаць. Мы працягваем супрацу з “Мы вернемся”, але паралельна развіваем яшчэ больш пазітыўную відэапраграму пад назвай “Беларусы могуць”. Мы такім чынам дапамагаем беларускаму бізнесу за мяжой, бо мы зараз адснялі чатыры выпускі. І пасля кожнага выпуску да беларусаў ідуць беларусы, палякі, украінцы, то-бок гэта такая бясплатная рэклама для бізнесу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя