Рыхтуюцца новыя абмежаванні на выкарыстанне дронаў
Неўзабаве ўлады Беларусі маюць намер увесці новыя абмежаванні на выкарыстанне дронаў. Як даведалася Zerkalo ад дасведчаных крыніц у сферы грамадзянскай беспілотнай авіяцыі, мэта новаўвядзенняў — максімальна звузіць круг карыстальнікаў дронаў, верагодна, да юрыдычных асоб, забараніўшы палёты для звычайных грамадзян.

Такія намеры пацвердзілі ў Міністэрстве транспарту. На дадзены момант у Беларусі сфера выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў ужо сур’ёзна рэгулюецца. Трэба зарэгістраваць свой робат, уступіць у Беларускую федэрацыю беспілотнай авіяцыі і атрымаць дазвол на радыёчастоты для кіравання дронам, заключыць дамову з РУП «Белаэранавігацыя» і атрымаць дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы. А каб праводзіць здымку з вышыні, трэба яшчэ і дазвол ад Генштаба.
Аднак самыя масавыя дроны тыпу DJI Mavic і FPV да гэтага часу былі часткова ў шэрай зоне. Бо ў Паветраным кодэксе няма юрыдычнага панятку грамадзянскіх дронаў такога тыпу. Таму на практыцы ўся гэтая рэгуляцыя не зусім працуе.