Шарэнда-Панасюк пераведзена ў «Навінкі» з СІЗА №1 Валадаркі



Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі» з СІЗА №1 Валадаркі. У «Навінках» на працягу месяца Паліна будзе праходзіць судова-медычную экспертызу.

Гэтую экспертызу палітзняволенай назначылі пасля адмовы ў канцы траўня ад грамадзянства Рэспублікі Беларусь, але не ад Радзімы, кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда:

– Ён знаходзіцца ўнутры гэтага вялікага комплексу «Навінкі» і сабой уяўляе турму ўнутры турмы. Важна адзначыць, што гэтую экспертызу праходзяць людзі, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы – забойцы, маньякі. Але ў апошні год у гэтай установе часта з’яўляюцца палітвязні. Паліна адна з тых, каго накіравалі на гэтую экспертызу.

Паводле Андрэя, два гады таму ў гэтым цэнтры прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк здаровай. Што будзе цяпер невядома. Трывожны сігнал, што адміністрацыя цэнтра судовых экспертыз адмовілася прыняць для Паліны жыццёва неабходныя лекі. Цешыць хоць тое, што прынята харчовая перадача. Паліна першы раз за апошні год паесць сваіх любімых яблык і наогул паласуецца садавінай і гароднінай.

Беларускае Радыё Рацыя