Што вядома пра “хапуны” у Фаніпалі?
ГУБАЗіК перыядычна ладзіць “хапуны” у Фаніпалі з 2020 года. Апошні з іх адбыўся 24 студзеня. Затрыманыя 20 чалавек, некаторыя збітыя. “Вясна” даведалася падрабязнасці пераследу і чаму ГУБАЗіК так цікавіцца мясцовымі.
-

Фота: „Вясна”
У жніўні мінулага года сілавікі ўзбудзілі крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту ў Фаніпалі. Лічба фігурантаў гэтай справы ідзе ўжо на дзясяткі, піша “Вясна”. Першаму затрыманаму прызначылі два гады калоніі, яшчэ некалькі чалавек у Дзяржынску асудзілі да “хатняй хіміі”.
Міліцыя да гэтага часу працягвае праглядаць відэа з акцый пратэсту ў Фаніпалі, ідэнтыфікуе і затрымлівае мясцовых. Сярод тых, каго затрымлі 24 студзеня, жонка палітзняволенага Ігара Пастухова Таццяна, Таццяна Залатар, Мікалай і Наталля Губіны, Ладарыя Кузняцова ды іншыя. Супраць іх пачалі крымінальныя справы. У адносінах да жанчын абралі меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі, іх вызвалілі з падпіскамі аб нявыездзе, паручальніцтвамі, пад заклад.
Жыхары Фаніпаля распавядаюць, што ў мясцовым тэлеграм-чаце супрацоўнікі міліцыі заклікаюць пісаць яўкі з павіннай.
Людзі з Фаніпаля кажуць, што ГУБАЗіК працягвае ідэнтыфікаваць людзей па відэа мітынга 12 жніўня 2020 года. Там было больш за 600 чалавек.