Што ёсць унутранай справай Беларусі?
„Вось вы на лавачкі ставалі ў 2020 годзе, таму вам цяпер так кепска, самі вінаватыя, самі і цярпіце. Трэба было змагацца”.

Цікава, што падобнае я чуў як мінімум ад простых людзей з трох краін. Не буду акцэнтаваць увагу на назвах.
Заўжды ў падобных выпадках згадваю кабету сталага веку, якая на Партызанскім Маршы на Партызанскім праспекце ўвосень 2020 году не запанікавала, калі побач з ёю разарвалася светлашумавая граната. Гэта пра смеласць і змаганне.
Таксама згадваю хлопцаў, якія будавалі барыкады каля ўніверсаму «Рыга», ці гналі ўнутраныя войскі ў раёне станцыі метро Пушкінскай. Згадваю баі ў Малінаўцы, Серабранцы і ў Цэнтры. Гэта першыя тры дні пасля выбараў 9-га жніўня.
Уся гісторыя нашай няскончанай Беларускай рэвалюцыі – гэта і праўда наша справа.
Я для сябе адзначыў, што ўжо з трэцяга ці чацвертага Маршу ў Менску над дэманстрантамі засталіся выключна бел-чырвона-белыя сцягі.
У звязку з магчымым прыездам у Беларусь камандзіра вайсковага дзяржфармавання «Вагнер» бандыта Прыгожына начытаўся шмат енкаў ад некаторых беларусаў, маўляў, усё, цяпер дакладна канец.
Чаму так? Беларусаў і праўда палітычна пакінулі. Таму і застаецца шмат у каго адчуванне адных у драпежным лесе.
Ніколі ў гісторыі ніводная рэвалюцыя, ніводны супраціў не быў паспяховым толькі за кошт народнай ініцыятывы знізу.
Рэвалюцыянеры ці партызаны былі звязаныя са сваімі цэнтрамі кіравання – за мяжой ці лініяй фронту.
Вуліца ці лес – у кожным выпадку тон задавалі і задаюць прафесіяналы, за якімі падцягваюцца масы.
І тут зноў я чую старую песню ад “дабразычліўцаў”-суседзяў – так вам і трэба за вашыя кветкі ворагу.
Даведка – толькі адна рамантычная дзяўчына паўтарыла фокус з кветкамі ваякам у 2020-ым. Магчыма ўзгадала Аксамітную рэвалюцыю ў Чэхаславаччыне ў 1989-ым.
Адкуль у юзераў, якія паліваюць беларусаў у стылі «самі вінаватыя» узнікае тая ці іншая візія?
Большасць людзей не маюць магчымасці ад ранку да вечара сканаваць і аналізаваць інфармацыйную прастору. Людзі спажываюць тое, што ім прапануюць іх медыі. Будзь то цэлы тэлеканал ці вядомы блогер.
Як у суседніх, так і ў больш аддаленых краінах, пра Беларусь асабліва не ведаюць.
Ну штосьці там хадзілі, не дахадзілі, цяпер сядзяць на азадках, нічога не робяць. Штосьці такое няўцямнае.
Такое ўяўленне пра беларусаў сёння ў паспалітага спажыўца інфармацыі за мяжой.
Хоць у Беларусі адбываюцца страшныя рэчы ў турмах. Здзекі з людзей, якія ўжо можа параўноўваць з эксперыментамі нацыстаў.
Усё таму, што па Беларусі, дакладней па Лукашэнку, не прынятае калектыўнае палітычнае рашэнне.
Унутранай справай беларусаў ёсць самі беларусы.
А Лукашэнка выйшаў на ўзровень пасобніцтва міжнароднаму тэрарызму.
Парадокс, але факт, вызваленне беларусаў з лукашэнкаўскага канцлагеру наўпрост звязанае з тым за якую чырвоную лінію Лукашэнка выйдзе ў сваім тым ці іншым шантажы.
Беларускае Радыё Рацыя