СК зарэгістраваў 4300 “злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”
Следчы камітэт Беларусі з пачатку бягучага года зарэгістраваў 4300 “злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”, – заявіў у інтэрв’ю “СБ. Беларусь сегодня” намеснік старшыні СК Анатоль Васільеў. Пры гэтым, паводле яго, больш за палову з іх здзейснена ў 2020—2021 гадах, таму “можна зрабіць выснову, што павелічэння колькасці такіх злачынстваў няма”.
-

Фота: sb.by
Агулам з 2020 года СК зафіксаваў у Беларусі больш за 11 тысяч “экстрэмісцкіх” злачынстваў, у асноўным пасля прэзідэнцкіх выбараў. Паводле Васільева, часцей за ўсё яны здзяйсняюцца за межамі нашай краіны і ў інтэрнэце.
Таксама Васільеў расказаў пра расследаванне больш як 30-ці крымінальных спраў за “акт тэрарызму” (арт. 289 КК). “У прыватнасці, гаворка ідзе аб тэрактах на чыгуначных і аўтамабільных шляхах”, — адзначыў Васільеў. Паводле яго, “такія злачынствы ўчыняліся па заданні замежных куратараў экстрэмісцкіх супольнасцяў”, таму ў асобных выпадках злачынцам дадаткова ставіцца ў віну і здрада дзяржаве.