Станіслаў Лупаносаў: Каля 40% ГУБАЗіКу было на баку народа



„Госць Рацыі” – былы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Станіслаў Лупаносаў у 2020 не стаў удзельнічаць у шматлікіх актах палітычных рэпрэсій, гвалце і катаванні палітычных супернікаў рэжыму дыктатара Лукашэнкі.

Ён перайшоў на бок пратэстуючых. Цяпер ён супрацоўнік BYPOL у Варшаве. Мы пацікавіліся ў нашага госця Станіслава Лупаносава яго асабістым жыццём, прычынай прыняцця такога важнага рашэння і поглядамі на палітычную сітуацыю ў Беларусі:

РР: Кім вы працавалі ў ГУБАЗіКу?

Я працаваў у ГУБАЗіКу на пасадзе старэйшага оперупаўнаважанага першага ўпраўлення. Гэта ўпраўленне займаецца карупцыйнымі злачынствамі ў сферы медыцыны. Да гэтага я працаваў чатыры гады ў ГУУС Менска па раскрыцці злачынстваў у кіберпрасторы, з хакерамі змагаліся, з махлярствам у сетцы інтэрнэт. Да гэтага дзесяць гадоў ва ўпраўленні крымінальнага вышуку, займаўся раскрыццём крадзяжоў машын.

РР: Вы юрыст па адукацыі?

Я закончыў у 2006 годзе Акадэмію міліцыі і ў 2018 годзе завочна наргас. У лістападзе 2020 года выехаў з тэрыторыі Беларусі і перайшоў на бок народа.

РР: Гэта гераізм я лічу. Кінулі „цёплае месца”.

Я нават пра гэта не думаў, боль на душы ў жніўні 2020 пераважыў.

РР: Вы ўдзельнічалі ў гэтых аперацыях?

Не, я ні ў чым не ўдзельнічаў. Я ўсіх супрацоўнікаў агітаваў не ўдзельнічаць у гэтых аперацыях. У першы час пасля выбараў каля 40% ГУБАЗіКу адназначна была на баку народа. Яны гэта не паказвалі, проста нічога не рабілі. Яны нічога не выконвалі. Другая частка бегала разам з Карпянковым, разам з Бедункевічам, з байцамі сілаў спецыяльных аперацый міністэрства абароны. Тыя кадры, якія мы бачылі, гэта рабілі яны.

РР: Тыя 40% яны ж не выехалі і працуюць?

– Так, яны працуюць, ніхто не выехаў, акрамя мяне. Некаторыя звольніліся, бо немагчыма было працаваць, бо гэта не іх метады. Яны і ў кастрычніку 2020 года звальняліся, не працягвалі кантракты, хоць і хацелі працягваць. Праца рэальна „цёплая” і самая лепшая для аператыўнага супрацоўніка ў міліцыі. Ніхто з цябе не пытае, ты там сам сабе гаспадар.

РР: Чаму так паслухмяна вялікая колькасць стала на бок беззаконня?

Практычна з кожным размаўлялі, увесь час праводзілі палітінфармацыю. У тым ліку з запрашэннем Караева, Казакевіча, яны ўвесь час „уціралі” палітыку рэжыму: „Гэта ўсё нармальна. За намі Расея”. Прычым яны казалі даслоўна Расея, не Лукашэнка, за імі Расея. У прыватнасці пра гэта казаў Карпянкоў і Бедункевіч.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя