Старонку Алены Янушкоўскай у”Аднакласніках” прызналі экстрэмісцкай
Блогерка з Віцебшчыны, сябра партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі 56-гадовая Алена Янушкоўская, не дае спакою ўладам Беларусі. На днях яе інтэрнэт-старонка ў „Аднакласніках” была прызнана экстрэмісцкай.

Не першы раз трапляе блогерка ў гэты ганаровы спіс, кажа Алена Янушкоўская:
– У 2021 годзе на ютуб-канале „Сапраўдная Беларусь” былі прызнаныя экстрэмісцкімі мае матэрыялы. Напрыклад, з ксяндзом Барком, яшчэ некалькі. Скажам так, экстрэмістам мяне лічаць даўно, я такая вялікая стрэмка ў іх. Ютуб-канал яшчэ не чапаюць, поўнасцю не закрываюць, скажам так. Зараз старонка ў „Аднакласніках”, таксама „Сапраўдная Беларусь„, я там публікую навіны.
У 2021 годзе пасля ад’езду з Беларусі Алена Янушкоўская была аб’яўлена ў вышук, супраць яе была заведзена крымінальная справа за абразу Лукашэнкі, якая зараз прыпынена.
Беларускае Радыё Рацыя