Колькасць ахвяр землятрусу ў Марока перавысіла 800 чалавек (абноўлена)
Колькасць ахвяр землятрусу ў Марока дасягнула 820 чалавек і колькасць загінулых працягвае расці, піша Бі-бі-сі.
Паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў, прынамсі 820 чалавек загінулі і сама меней 672 чалавекі атрымалі раненні ў выніку землятрусу магнітудай 6,8 бала. Эпіцэнтр знаходзіўся ў горным хрыбце Высокі Атлас за 71 кіламетр (44 мілі) на паўднёвы захад ад Маракеша.
Лічыцца, што многія ахвяры знаходзяцца ў аддаленых вёсках, асабліва ў Атласкіх гарах. Улады заклікалі жыхароў здаваць кроў, бо ў бальніцы паступае ўсё больш параненых.
Фота: AFP
* * *
Землятрус магнітудай 6,8 бала адбыўся ў Марока прыкладна за 70 кіламетраў ад гораду Маракеш. Міністэрства ўнутраных спраў краіны паведамляе, што загінулі каля 635 чалавек.
Геафізічны цэнтр Марока паведаміў, што землятрус магнітудай 7,2 бала адбыўся ў раёне Атласкіх гораў. Гэта адбылося на параўнальна невялікай глыбіні — 18 з паловай кіламетра.
Горны раён, дзе адбыўся землятрус, знаходзіцца прыкладна за 70 кіламетраў на паўднёвы захад ад Маракеша. Землятрус пачаўся фактычна ноччу, пасля 23-й гадзіны па мясцовым часе. Ён таксама адчуваўся ў прыбярэжных гарадах Рабат, Касабланка і Эс-Сувейра.
У Старым горадзе Маракеша, які ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, абрынулася некалькі будынкаў.

