Створана Асацыяцыя беларускіх ветэранаў вайны ва Украіне



Ветэраны з розных беларускіх дабраахвотных падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны прынялі рашэнне аб стварэнні Асацыяцыі беларускіх ветэранаў, паведамляецца ў прэс-рэлізе аб’яднання.

Мэта Асацыяцыі – дапамога ў вырашэнні праблем беларусаў, якія праходзілі службу ў шэрагах УСУ (незалежна ад падраздзялення). Ужо зараз людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзейяннях, сутыкаюцца з праблемамі ў медыцынскай і юрыдычнай галінах, маюць патрэбу ў рэсацыялізацыі і псіхалагічнай дапамозе, – гаворыцца ў паведамленні.

Яшчэ адной важнай мэтай з’яўляецца праца са сваякамі загінулых і траўмаваных ваяроў, а таксама з сем’ямі тых, хто на дадзены момант служыць у УСУ.

„Зараз ініцыятыўная група былых вайскоўцаў займаецца аказаннем такой дапамогі, аднак у бягучай сітуацыі, калі адстаўнікоў становіцца ўсё больш, надыйшоў час фармалізаваць гэтую дзейнасць. Асацыяцыя не будзе з’яўляцца часткай якога-небудзь палітычнага руху ці партыі, але не выключаецца супрацоўніцтва па асобных праектах з рознымі грамадскімі прадстаўнікамі і арганізацыямі”, – адзначылі прадстаўнікі аб’яднання.

Арганізацыя ставіць перад сабой задачу дапамагаць як тым ваярам, якія застаюцца ва Украіне, так і тым, хто выязджае за яе межы пасля заканчэння службы. З гэтай нагоды ўдзельнікамі створаныя незалежныя філіялы ва Украіне, Літве і Польшчы.