Суд над генерацыяй ва ўніверсітэце Баранавічаў



У Баранавічах васямнаццацігадовую студэнтку асудзілі на два гады хатняй хіміі за абразу Лукашэнкі. Здавалася б – звычайная для Беларусі навіна. Але ёсць нюанс – судовае пасяджэнне адбывалася ў сценах Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту.

У Менску адносна нядаўна ў адным з ВНУ студэнта прымусілі на відэакамеру пакаяцца за «страшнае злачынства» – не камплементарнае выказванне на адрас лукашэнкаўскага гітлерюгенду: арганізацыі БРСМ.

У гісторыі з Баранавічамі мы бачым, што псіхалагічны гвалт на адрас моладзі выйшаў на іншы ўзровень.

На здымку, апублікаваным Баранавіцкай міжраённай пракуратурай, бачна, што гледачы судовага шоў – студэнты.

Трэба разумець, што мы бачым паказальную выхаваўчую работу.

Наўрад ці большасць студэнтаў прыйшлі самі. Я ўпэўнены, што іх сагналі прымусова. Патыцкалі насамі як кацянятаў, маўляў, глядзіце – з вамі будзе тое самае, калі рыпнецеся.

Моладзі ў Беларусі не шмат. Соцыум наш старэе. Гэта агульная тэндэнцыя для ўсёй Еўропы.

У дэмакратычных краінах праблема не такая вострая, як у аўтарытарных. Справа ў тым, што ва ўсіх карных структурах лукашэнкаўскага рэжыму недабор. Не хоча сучасная моладзь рабіцца «людзьмі гасударавымі».

Хоць ёсць у сітуацыі і парадокс. Пры тым, што кадраў у пракуратурах ды міліцыі не хапае, усё часцей сярод карнікаў мы бачым маладыя абліччы. Гэта свайго кшталту генерацыйныя «адшчапенцы».

Вось вы разам вучыліся ў школе, і вось вас сагналі паглядзець, як вашу аднакласніцу судзіць хтосьці з паралельнага класу. Гэта калі казаць вобразна.

Ёсць і канкрэтны сэнс у пасіфікацыі моладзі.

У любым рэвалюцыйным працэсе моладзь грае першапачатковую ролю.

Узгадайце «Бульдозерную» рэвалюцыю ў Сербіі, «Еўрамайдан» у Кіеве ці Беларускую Рэвалюцыю 2020 году. Паўсюль пачыналі маладыя людзі.

Малады, без сям’і, без страху за здароўе, не навучаны да сацыяльных кампрамісаў. Такі чалавек заўжды патэнцыйна небяспечны для аўтарытарнага рэжыму.

Таму дыктатурам так важна пераманіць маладых на свой бок. А калі не атрымліваецца – запужаць.

Але вось жа нявыкрутка. Маладыя людзі могуць жыць паралельна дзяржаве. Сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць зарабляць фрылансерам, маючы заказчыкаў з усяго свету.

А яшчэ можна проста з’ехаць за мяжу.

Дыктатура старэе, а абнаўляць яе няма каму.

Такі парадаксальны на першы погляд спадзеў на вызваленне.

У кожным разе трэба памятаць, што любыя рэвалюцыйныя зрухі магчымыя толькі пад кіраўніцтвам спецыялістаў. Вуліца, найперш моладзь, дае штуршок.

Але завяршаюць працэс прафесіяналы.

Беларускае Радыё Рацыя