Суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы выдання „Медиа-Полесье”



Суд Лунінецкага раёна прызнаў экстрэміскай прадукцыяй матэрыялы выдання „Медиа-Полесье”, апублікаваныя на сайце.

Таксама ў лік экстрэмісцкіх трапілі матэрыялы ў групах сацсетак „ВКонтакте” і „Аднакласнікі”. Пракурор у ліку экстрэмісцкіх назваў, напрыклад, артыкул „Ціханоўскя павіншавала беларускі народ з 2021 годам”. Затое матэрыялы ў Фэйсбуку, Інстаграме і Тэлеграме не былі „ўганараваныя” такім званнем.

Заснавальніца і галоўны рэдактар выдання Святлана Гарда назвала судовае рашэнне палітычна матываваным, накіраваным на пераслед незалежнага медыя, якое адлюстроўвае ў сваіх публікацыях рэальную карціну таго, што адбываецца ў рэгіёне, краіне і свеце, а таксама журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю”.

Абскарджваць рашэнне Гарда не бачыць сэнсу. На сёння сайт выдання заблакаваны ў Беларусі, чытаць яго можна праз VPN.

Беларускае Радыё Рацыя