Судзяць пяць палітвязняў, якія вывесілі нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны
У Менску судзяць пяць палітвязняў, якія вывесілі нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны.

У сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяць менчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Менску. Супраць іх пачалі крымінальную справу за “злоснае хуліганства”. Гэта Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Праз два тыдні пасля іх затрымання МУС прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі менчукі пры арганізацыі акцыі.
Цяпер іх абвінавачваюць па ч. 3 арт. 361–1 (стварэнне або ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні») і ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 20 сакавіка справу пачала разглядаць суддзя Дзіна Кучук у Мінгарсудзе ў закрытым рэжыме.