Супраць палітвязня Аляксея Камароўскага пачалі новую крымінальную справу
У Менску 21 сакавіка Аляксея асудзілі да 4 гадоў калоніі, а таксама прызначылі кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту на 3000 рублёў.

Мужчыну звінавацілі ў спробе збіць даішніка падчас пратэстаў паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) і арт. 365 КК (Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Месяц таму ён пачаў адбываць тэрмін у мазырскай калоніі № 20, дзе яго амаль адразу па прыбыцці змясцілі ў ШІЗА. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня пачалі крымінальную справу паводле арт. 369 КК (Абраза міліцыянта) — Аляксей нібыта пакінуў абразлівы каментар у чаце. Цяпер мужчыну перавялі ў гарадзенскую турму № 1.
Падтрымаць Аляксея пасылкамі і грашовымі пераводамі: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аляксей Ігаравіч Камароўскі.
Вясна