Сваякам Бабарыкі адмовілі ў прыёме да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў
Сёння, 2 траўня, сваякі Віктара Бабарыкі спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, паведамляе штаб Бабарыкі.

Менавіта ў ДВП адказваюць за ўтрыманне і бяспеку зняволеных. На прыёме родныя хацелі даведацца пра месцазнаходжанне і стан здароўя Віктара, а таксама атрымаць магчымасць убачыць яго і пераканацца, што з ім усё добра. Але ў прыёме было адмоўлена.
Сваякі працягнуць дамагацца інфармацыі і сустрэчы з Бабарыкам праз адказныя за гэта органы дзейнай улады, паведамляе штаб. Там просяць усе прысутныя ў Менску міжнародныя арганізацыі і дыпламатычныя місіі аказаць садзейнічанне ў атрыманні інфармацыі аб стане Віктара Бабарыкі.
26 красавіка 2023 года «Рабочы рух» распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што зняволены палітык трапіў у лякарню. 27 красавіка ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской лякарні «Радыё Свабода» пацвердзілі, што Віктар Бабарыка ў іх. «Бабарыка ў хірургіі», — адказалі ў шпіталі.
Беларускае Радыё Рацыя