Сваякам палітвязня Дзяніса Івашына пагражаюць за распаўсюд інфармацыі пра яго



Жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга Івашына паведаміла, што родным палітвязня пагражаюць спыніць любую камунікацыю з ім, калі родныя не перастануць распаўсюджваць інфармацыю пра яго, паведамляе “Гарадзенская праваабарона”.

Вольга Івашына кажа, што ёй і бацькам Івашына перадаюць пагрозы і “просьбы”, у якіх патрабуюць перастаць пісаць пра яго. Інакш супрацоўнікі ПК №15 могуць пазбавіць палітвязня тэлефанаванняў, лістоў і спатканняў нават з адвакатам, а таксама змесцяць журналіста ў ШІЗА ці ПКТ. Сваякі Івашына ўспрымаюць пагрозы сур’ёзна, але не збіраюцца паддавацца на шантаж, каб не заахвочваць патэнцыйных шантажыстаў на далейшы ціск.

Івашына пакаралі 13 гадамі і 1 месяцам калоніі узмоцненага рэжыму. Яго ўзялі пад варту пасля таго, як ён апублікаваў журналісцкае расследаванне пра былых „беркутаўцаў”. Пасля Майдана-2014 ва Украіне многія з іх апынуліся ў сілавых структурах Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя