Сваякі не ведаюць, дзе Павел Севярынец
23-га чэрвеня зняволенага апазіцыйнага палітыка і літаратара асудзілі да змены рэжыму ўтрымання па ініцыятыве шклоўскай калоніі №17, дзе палітвязень адбываў пакаранне.

Паўла Севярынца вырашылі перавесці ў турму на тры гады. Паводле заканадаўства, адміністрацыя павінна была цягам 10 дзён апавясціць сваякоў пра новае месца адбыцця пакарання іх родзіча. Аднак ніякіх звестак пра гэта няма ні з калоніі, ні ад самога Паўла.
У Фэйсбуку Таццяна Севярынец, маці палітзняволенага, мяркуе, што яшчэ да этапу ў турму яго змясцілі ў штрафны ізалятар.
Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года каля дома, калі ён вяртаўся з перадвыбарчага пікета Святланы Ціханоўскай на менскай Камароўцы. З таго часу ён за кратамі.