10 год калоніі ўзмоцненага рэжыму для сябра Генадзя Шутава (абноўлена)
Такі прысуд вынесены раніцай 25 лютага Аляксандру Кардзюкову ў Берасцейскім абласным судзе.
У той самы вечар забойства Генадзя Шутава мужчына знаходзіўся побач з ім, а звінавацілі ўжо цяпер яго ў замаху на забойства вайскоўца ў цывільным адзенні.
Прысуд каментуе дачка Генадзя Шутава, Настасся Баранчук:
– Нечакана, што 10 год. Мы, канешне, не чакалі, што будзе такі тэрмін, думалі, што ўвогуле артыкул пра замах прыбяруць. Але атрымалася, што ўсё пакінулі так, як і прасілі ў іх.
У сувяззю са смерцю Генадзя Шутава пастаноўлены абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання. Загінулы з’яўляўся фігурантам крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў). Пацярпелымі па справе праходзілі вайскоўцы ССА Раман Гаўрылаў і Арсень Галіцын, першы з якіх і забіў Шутава. Паплечнік жа Шутава Кардзюкоў сваю віну не прызнаў.
***
11 жніўня 2020 года падчас паслявыбарчых пратэстаў у Берасці, у раёне 20-ціпавярховікаў на скрыжаванні Партызанскага праспекта і вуліцы Маскоўскай быў забіты мясцовы жыхар Генадзь Шутаў. Як высветлілася пазней, забіты ён быў сілавікамі ў цывільным.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: gazetaby.com, „Брэсцкая газета”
***
Загінулага Генадзя Шутава прызналі вінаватым. Сведку яго забойства прысудзілі да дзесяці гадоў калоніі.

25 лютага ў Берасці абвясцілі прысуд загінуламу Генадзю Шутаву, якога смяротна паранілі ў галаву падчас пратэстаў 11 жніўня, і яго сябру Аляксандру Кардзюкову.
Суд прызнаў Шутава і Кардзюкова вінаватымі ў супраціўленні з ужываннем гвалту, а Кардзюкова – у намеры забіць асобу ў сувязі з яе службовай дзейнасці. Кардзюкову прызначылі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Шутаву вынеслі абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання. Пацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў спецназу —Арсеній Галіцын і Раман Гаўрылаў, на якіх нібыта напалі абвінавачаныя.
Аляксандр Кардзюкоў гэта абвяргае, а паводле прызнання самога Гаўрылава, менавіта яго стрэл з пісталета Макарава стаў смяротным для Генадзя Шутава. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Тут.бай

