Сяргей Высоцкі: Інфармацыйная прастора падвяргаецца тэрору



„Якой стала цяпер Беларусь, куды мы ідзем? Чаму няма згоды сярод Беларусаў? Ды і пакуль, не прадбачыцца?”.

На гэтыя тэмы, наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі гутарыць з „Госцем Рацыі” Сяргеем Высоцкім, публіцыстам з Менску:

РР: Наколькі пазбаўленне магчымасці пошуку адваротнай сувязі мяняе дэмакратычныя медыі і не дае магчымасці ім адэкватна рэагаваць на выклікі ўнутры Беларусі?

– Пытанне насамрэч вельмі слушнае. Увогуле пытанне пра існаванне беларускіх дэмакратычных медыяў. Многія патрыёты лічаць, што ў Беларусі няма на сённяшні дзень дэмакратычных медыяў. Ёсць некалькі медыяў, гэта не датычыцца Радыё Рацыя, якое з’яўляецца выключэннем з выключэнняў у нашай сітуацыі. Мы чуем нейкую альтэрнатыўную пазіцыю сёння на іншых рэсурсах, якія называюць ліберальнымі, дэмакратычнымі, якія знаходзяцца ў суседніх дзяржавах, якія фінансуюцца Кангрэсам Злучаных Штатаў Амерыкі або яшчэ нейкія. Ці часта мы чуем там пазіцыю беларускіх дысідэнтаў? Ці часта мы чуем там пазіцыю прадстаўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі? Ці часта мы чуем там беларускую прафесуру, людзей, якія 20-ць гадоў змагаліся за беларускую незалежнасць? Людзей, імёны якіх не трэба разжоўваць, хто гэта такія, якія вылезлі не ўчора і не сёння, людзей, імёны якіх ніхто не аспрэчыць. Гэтая праблема існавала ў нас яшчэ раней, а за апошнія гады сумных, трагічных падзей 2020 года, сітуацыя пагоршылася. Яна пагоршылася для тых людзей, якія паз’язджалі. Знаходзячыся ў сваёй уласнай інфармацыйнай прасторы, свайго асяродку, не маючы магчымасці аб’ектыўна чуць пазіцыю беларусаў, Беларусі, яны збіваюцца на адзін негатыў, на праклёны, часта вельмі маргінальныя захады для сваёй дзяржавы. Усё менш і менш адэкватнасці – гэта відавочна. Таксама праблема для гэтых медыяў, калі яны не маюць магчымасці, улады вельмі жорстка іх прэсуюць, гэта другі бок медаля. Але яны мала што зрабілі, дазволю сабе сказаць шчыра і адкрыта, так лічаць дзясяткі, сотні тысяч беларусаў, інакш не было б столькі падтрымкі. Не робяць, не зрабілі тыя захады, каб знайсці нейкія дэмакратычныя шляхі, каб пачуць альтэрнатыву. Як два глухіх гарлаюць, крычаць, плююцца – гэта шлях у нікуды. Тое, што робіць гэтая кантора, так званая камічная ЧК, вядома пра якую кантору мы кажам, я не буду называць яе назоў, усе разумеюць пра што ідзе гаворка, якую ненавідзяць КДБ, армія і чыноўнікі, канешне няма слоў. Гэта нядаўняе затрыманне прафесараў, акадэмікаў. Так, усіх выпусцілі наколькі я ведаю, але людзей абразілі, людзей прынізілі. Некаторыя не вераць, але калі я называю прозвішчы, то кажуць, што адзін з ідэолагаў гэтай структуры Гайдукевіч. Ну Гайдукевіч нейкі беларускі дзеяч, але там многа іншых людзей, якія там курыруюцца Масквой. Гэта гучыць паўсюль, гэта кажуць людзі, якія маюць да гэтага дачыненне. Узнікла такая гібрыдная кантора, якая робіць падобныя захады. Якая можа быць грамадская атмасфера? Які можа быць давер з боку інтэлігенцыі, навукоўцаў, калі з імі так абыходзяцца? Паказаць, што мы такія крутыя, страшныя? Падстава ўлады, падстава дзяржаўных інстытутаў, поўны маразм. Гэта робіцца адмыслова, каб дыскрэдытаваць Беларусь, як дзяржаву, для пагаршэння стану, каб у беларусаў было як найменш шанцаў выкараскацца з унутраных канфліктаў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя