Сяргея Ціханоўскага перавялі ў „крытую турму” ў Жодзіне
Палітзняволены Сяргей Ціханоўскі ўжо больш як два гады за кратамі. Яго пакаралі 18 гадамі пазбаўлення волі. Ціханоўскі адбываў пакаранне ў Магілёве. Але яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў турму ў Жодзіне, якая лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі. Ён ні ў Магілёве, ні ў Жодзіне не атрымлівае лістоў.

«Крытая турма» — гэта максімальныя абмежаванні для асуджаных. «Атаварка» — толькі на адну-дзве базавыя велічыні ў месяц, але і яе могуць пазбавіць. Спатканні — толькі два кароткатэрміновыя на год. Але Ціханоўскі ўжо пазбаўлены і спатканняў, і перадач.
Дзясяткам палітзняволеных у 2020–2022 годзе ўзмацнялі пакаранне: пераводзілі з «хіміі» ў калонію, з калоніі — у «крытую турму». У «крытую турму» пераведзеныя некаторыя паплечнікі Ціханоўскага. Гэта Таццяна Канеўская, Уладзімір Кніга, Руслан Парфёнаў, Аляксандр Кабанаў.
Праваабаронцам «Вясны» вядома пра 44 выпадкі ўзмацнення пакарання для палітвязняў.