Таіса Кабанчук: Ганаруся сынам
Цяжка тым маці, чые дзеці ваююць ва Украіне за свабоду Украіны і Беларусі. Гэта сапраўдныя мужчыны, надзея Беларусі. І калі яны гінуць на полі бою, то гэта невыноснае гора для маці і вялікая страта для ўсёй Беларусі. Пра тое, як быць маці сына-каліноўца мы пагаворым з госцяй Беларускага Радыё Рацыя Таісай Кабанчук.

РР: Спадарыня Таіса, ваш сын намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага. Ганарыцеся сынам?
Таіса Кабанчук: Ганаруся, зразумела. Але ж гэта вельмі трывожна для маці, і я не рада гэтай яго пасадзе. Таму што, каб не было гэтай вайны, мой бы сын знайшоў сябе б у іншым статусе. Ён вельмі разумны, адукаваны і прыстойны чалавек, і таму гэтая вайна, канешне, страшэнная сітуацыя, але ён узяў на сябе смеласць, ён знайшоў у сабе мужнасць стварыць гэты полк, узначаліць яго. І ваюе годна.
РР: Як доўга ён ваюе ва Украіне?
Таіса Кабанчук: Ён там з 2014 года. Я не ведала пра гэта, ён паехаў ва Украіну, не сказаў мне куды і што, нібыта працаваць. І потым я некалькі гадоў ездзіла ў Кіеў, мы з ім сустракаліся, і сям’я прыязджала мая там, малодшы сын з унукамі, мы ўсе сустракаліся ў Кіеве на кватэры. Ён казаў, што гэта вось мая кватэра, я тут жыву, двухпакаёвая была кватэра амаль у цэнтры Кіева. Мы сустрэнемся там, пажывём. Аднойчы нават і тыдзень я ў яго жыла. Ну і так, я сапраўды не ведала і не верыла, што ён ваюе, ён гэта хаваў.
РР: А хто ён па адукацыі?
Таіса Кабанчук: Ён скончыў аўтатранспартны тэхнікум у нас, у Бабруйску, а пасля палітэхнічную акадэмію. І там у гэтай палітэхнічнай акадэміі была ваенная кафедра.
РР: Кім ён працаваў у Беларус?
Таіса Кабанчук: Ніколі не хацеў працаваць ва ўладных структурах, хаця ў яго былі прапановы – інжынер, аўтамеханік. Былі прапановы ў Менску на МАЗе і на іншых там прадпрыемствах. Ён не хацеў уладкоўвацца ў дзяржаўную структуру, ён ніколі не любіў хадзіць па гадзінах на працу. Таму ён у Менску арганізаваў сваю ІП па перавозках грузаў і потым набыў міні-грузавік і займаўся перавозкамі. Гэта было апошнім часам, гэта было яго месцам працы – грузаперавозкі.
РР: Ён быў жанаты?
Таіса Кабанчук: Ён жаніўся ў 2015 годзе ва Украіне, ён там сустрэў на вайне сваю сяброўку, і яны аказаліся вельмі падобнымі адзін да аднаго адданасцю сваёй Радзіме – яна сваёй, ён сваёй. І іх там, напэўна, пачуцці яшчэ ўзмацнілі іхнія ўнутраныя памкненні, абодва ваявалі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя