Таццяна Малашчанка: Яны хочуць яго проста дабіць
Завяршаецца Тыдзень супраць катаванняў. Ён быў прысвечаны сведчанням і ўспамінам у розных формах пра тых людзей, якія пачынаючы з 2020 года падвяргаліся і падвяргаюцца жудасным здзекам з боку катаў, якія захапілі ўладу ў Беларусі.

З „Госцяй Рацыі” Таццянай Малашчанкай мы паразмаўлялі пра аднаго з лідараў дэмакратычнага руху, палітвязня – Паўла Севярынца:
РР: Што вы можаце распавесці пра палітвязня Паўла Севярынца?
– Павел Севярынец не толькі сустаршыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, можна сказаць, што гэта яшчэ ідэолаг. Ёсць людзі вельмі небяспечныя для рэжыму, яны палічылі Паўла менавіта такім чалавекам. Ведаеце, я не магу зараз пазбавіцца ад такога параўнання, калі катавалі Хрыста, калі народ крычаў „Укрыжуй!”, якога падбухторвалі фарысеі. Зараз гэтыя паралелі, яны вельмі просяцца. Калі хацелі ўкрыжаваць Хрыста, чаму яго так баяліся, ён жа нічога дрэннага не рабіў, таму што ўвесь свет ідзе за ім. Фарысеі настолькі баяліся Хрыста, што менавіта ідэалагічна яны проста перад Хрыстом былі бяссільныя. Вера Паўла Севярынца і яго моцныя ўстоі, той фундамент беларушчыны, любові да чалавека, да бліжняга, ён проста непрабівальны для іх, таму небяспечны для іх моцай сваёй веры. Я вельмі не проста ўражаная, я кожны дзень проста не магу не думаць пра Паўла, бо калі толькі ўяўлю, што з гэтага светлага чалавека здзекуюцца, катуюць нейкім звярыным спосабам, нават звяры так не здзекуюцца, як вядома пра некаторых катаў на Беларусі зараз, валасы могуць стаць дыбам. Канешне мне могуць сказаць, што гэта хворая фантазія, але ёсць сведчанні пра тое, што робяць з палітвязнямі там за кратамі. Пройдзе час, мы пра гэта магчыма прачытаем у кнігах. У Паўла ёсць кніга пра гэта, кніга „Каменнае сэрца”. Ён добра апісаў гэтыя катаванні і прыбыванне ў турэмных умовах, ён не раз быў зняволены. Ён хацеў зрабіць такі ракурс напэўна, для тых людзей, каторыя магчыма маглі б патрапіць, каб яны падрыхтаваліся. Як быццам бы ён гэта ўсё прадбачыў, што можа такое стацца.




Размаўляла з Таццянай Малашчанка карэспандэнт нашага радыё Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя