Таццяна Нядбай: Беларускі ПЭН будзе і надалей працаваць



Ліквідаванае дзяржавай беларускае аддзяленне Міжнароднага ПЭН-клуба цяпер мае польскую «прапіску». Учора ў Варшаве была зарэгістравана літаратурна-праваабарончая арганізацыя Беларускі ПЭН.

Сярод яе заснавальнікаў пераважна былыя сябры Беларускага ПЭН-цэнтра, якія зараз жывуць у Польшчы. Кіраўніком Беларускага ПЭНа абраная паэтка Таццяна Нядбай.

– Цяпер, апынуўшыся за мяжой, мы доўга абмяркоўвалі: ці трэба штосьці рабіць? І прыйшлі да высновы, што трэба. Таму што сустрэчы і культурныя кантакты неабходныя, кантакты з чытачамі неабходныя. Канешне, вайна дадала новых фарбаў у нашу сітуацыю. І супраціўленне вайне, падтрымка Украіны, салідарнасць з Украінай. Зычым Украіне перамогі і разумеем, што сёння там вырашаецца лёс у тым ліку і Беларусі.

Штомесяц Беларускі ПЭН складае хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры. Як адзначана ў апошняй хроніцы: Працягваюцца палітычна матываваныя арышты дзеячаў культуры, звальненні за грамадзянскую пазіцыю, пераслед за антываенную пазіцыю, а таксама рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь, а таксама іх родных.

Беларускае Радыё Рацыя