Таццяне Курылінай прысудзілі 4,5 гады калоніі
Пра гэта паведамляе @radiosvaboda.

У Гомельскім абласным судзе з 28 снежня ў закрытым рэжыме праходзіў судовы працэс супраць 49-гадовай адміністратаркі пратэставых чатаў «97%» Таццяны Курылінай.
30 сакавіка ў справе Таццяны Курылінай агучылі прысуд — 4,5 гады калоніі. Пракурор прасіў для падсуднай 5 гадоў зняволення. Таксама яна мусіць выплаціць 23 тысячы рублёў пацярпелым у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.
Як паведамлялася ў СМІ, Тацяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 году беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліну паказалі на беларускай тэлевізіі ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай, пісала «Вясна». Лебедзева расказала, што актывістка вярнулася ў Беларусь з Польшчы ў рамках праграмы «Дарога дадому».
Адміністратарка чатаў «97%» распавядала, што чаты не маюць сэнсу, але яны кантралююцца польскімі спэцслужбамі. Прапагандыстка Лебедзева заявіла ў сюжэце, што Курыліна «пачынае новае жыццё».
У снежні 2022 году стала вядома, што Таццяна Курыліна з чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА і яе абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў.