Тэма дня – 1-га траўня: Дзень без слова «мір»



Да 1-га траўня беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер выдаў плакат, дзе ў лозунгу «Мір», «Труд», «Май» слова «Мір» зафарбаванае. Цяпер апроч працы ў людзей у дыктатарскіх рэжымах мала што застаецца. Але які тып гэтай працы?

аўтар Уладзімір Цэслер

Перад тым Уладзімер Цэслер зрабіў плакат да 28 красавіка, калі адзначаецца міжнародны Дзень аховы працы. На плакаце галоўная прахадная Менскага трактарнага заводу, а перад ёю міліцыянты з дубінкамі.

Узгадаем падзеі 2020, калі на гарадзенскім заводзе «Азот» літаральна дубінкамі некаторых рабочых запіхвалі працаваць.

Калі ў канцы ХІХ ст. амерыканскія рабочыя выходзілі на вуліцы з лозунгамі патрабавання працы, яны мелі на ўвазе магчымасць зарабіць грошы на жыццё.

У савецкай жа сістэме праца за грошы была прывілеем. Памятаем і «палачкі» за трудадні ў сталінскіх калгасах, і «інтэлігентаў вашывых» калі актор зарабляў умоўна менш, чым вахцёр, ці доктар хуткай дапамогі менш, чым кіроўца, які яго вёз да пацыента.

Ад сярэдзіны 1990-х тыя, хто самі сабе зараблялі на жыццё, – дробныя прадпрымальнікі, малы і сярэдні бізнес – сістэмна выкідаліся з рынку працы ці наогул з Беларусі рэжымам Лукашэнкі. Толькі ён сам адзін хацеў і хоча вырашаць каму і колькі раздаваць у якасці заробку.

Да самага «Свята працы» ў беларускім грамадстве стаўленне было і застаецца іранічным.

Старэйшыя любяць распавядаць як у савецкія часы спрытна выпівалі падчас першатравеньскай дэманстрацыі.

Маладзейшыя наогул не надта разумеюць пра што гаворка, бо вучыліся зарабляць самі: без удзелу дзяржавы. Апроч тых, хто пайшоў у «людзі гасударавы».

Таму Беларусь і стала па колькасці пятай у свеце ІТ-краінай, бо магчымасць працаваць за камп’ютарам на ўдалёнцы вызваляла чалавека ад кантролю дзяржавы.

А дзяржава цяпер трымае за кратамі дзясяткі тысяч людзей на рабскіх заробках. Атрымліваючы на рукі капейкі, зняволеныя вырабляюць на тысячы і тысячы даляраў.

Але галоўнае на 2023 год: гэта слова «Мір». Ягонае значэнне для рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Хоць у Беларусі фармальна не забаронена выступаць супраць вайны Расеі ва Украіне, у прынцыпе любая праява нелаяльнасці караецца.

А ў афіцыйнай версіі «мір» азначае капітуляцыю Украіны.

«Мір», «труд», «май». Што не перакуліш з ног на галаву, дык гэта назву месяца. Як у беларускай лепш казаць: «травень» ці «май»? Дарэчы, паняцці «праца» і «труд» – не тое самае.

Добра было б, каб першага траўня мы разважалі толькі на філалагічныя тэмы.

Цалкам гук:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя