Тэма дня – Пра стэрэатыпы адносна рэлігійных паняццяў



У Беларусі Радаўніца, а яшчэ кажуць «Пасха мёртвых». Хрысціянства і дахрысціянства два ў адным.

Мяне заўжды здзіўляў гэты феномен, што Радаўніца мае статус дзяржаўнага выходнага дня. Падобнага няма ў Еўропе дакладна. Дый Дзяды таксама адметнасць. Дзяды не Дзень усіх Святых, і не Хэлаўін па сваёй сутнасці.

І Радаўніца, і Дзяды – гэта на старце дахрысціянскія ўяўленні пра жыццё і смерць.

«Вы, беларусы, дакладна размаўляеце са сваімі памерлымі?» – спытаўся аднойчы прыезджы.

Так, кажу, мы заўжды на ментальнай сувязі, незалежна ад канфесіі.

Радаўніца выходны, пры тым, што ўлада абсалютна антычалавечая па сваёй прыродзе. Але калісьці яна была абраная большасцю насельніцтва. Хоць пасля змены пакаленняў шмат змянілася.

Старое пакаленне зносіць з сабою і свае памылкі не толькі электаральнага характару. Я з дзяцінства ведаў пра «рускую» і «польскую» веру. Вяскоўцы так пазначалі сябе і суседзяў.

Але самае для мяне было дзіўнае, як называлі нэапратэстантаў, баптыстаў, пяцідзясятнікаў ды іншых. Іх называлі «хрысціянамі».

То бок, уяўленне пра рэлігіі было на трох кітах: «рускія», «польскія» і «хрысціяне».

Тое, што ва ўсіх адзін Бог-Творца, адзін Святы Дух і адзін Хрыстос людзей не прымушала задумвацца.

Як не прымушае задумацца і тое, што праваслаўных цэркваў шмат розных, але яны ўсе праваслаўныя. «Руская» для людзей, якія не задумваюцца, – гэта расейская, маскоўская.

Праваслаўны святар Аляксандр Кухта днямі выдаў відэаролік, дзе тлумачыць, што ягоны пераход пад юрысдыкцыю Канстантынопаля не азначае адмену ягонага праваслаўя.

РПЦ Масквы яму забараніла служыць, але хто з беларускіх праваслаўных памятае, што да РПЦ Масквы ў нас была РПЦ Кіеўскага патрыярхату, але з рэзідэнцыяй у Вільні.

Гісторыя дэманструе, што канфігурацыі могуць быць рознымі. Але сутнасць нязменная. Сутнасць, якая яднае ўсіх хрысціян. Асноўныя сімвалы веры.

І самае дзіўнае для многіх людзей, што не магчыма «перахрысціцца». Абрад хросту прызнаецца ўсімі канфесіямі.

Цалкам гук:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя