Тэма гневу



Як і шмат якія тысячы людзей, я ўпэўнены, што мастаку Алесю Пушкіну „дапамаглі” загінуць за кратамі.

Мы месяцамі не ведаем пра стан здароўя і наагул жыцця Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, іншых палітзняволеных.

Вось маё асабістае меркаванне.

Яшчэ калі забілі Вітольда Ашурка, я зразумеў па ўскосных дадзеных, што Лукашэнка персанальна даў адмашку на забойства сваіх апанентаў.

Вітольд Ашурак хутчэй за ўсё выказаўся ў свабодалюбівай манеры на адрас наглядчыка. Той перабольшыў свае паўнамоцтвы… і? І нічога.

Быў створаны прэцэдэнт, калі “палітычныя” сталіся па-за законам. Іх можна забіць. У турмах, зонах, ды іншых “за кратамі”.

Бо першым па-за законам стаўся Аляксандр Тарайкоўскі, застрэлены спецназаўцамі каля станцыі метро Пушкінскай у Менску.

Для мяне важнае ўскоснае сведчанне – выступ колішняга міністра ўнутраных справаў Караева.

Хтосьці з кіберпартызанаў выставіў ягоны выступ перад падначаленымі. Наёмнік з Расейскай Федэрацыі Караеў адкрытым тэкстам пераказваў словы Лукашэнкі, што Сяргей Ціханоўскі мусіць “згніць у турме”. Гэта цытата.

Лукашэнка стары, і ён памірае. Усе памруць, бо так задуманае жыццё. 

Толькі адныя паміраюць з усмешкай на вуснах, бо жылі годнае жыццё.

А такія як Лукашэнка і ягоныя служкі цягнуць за сабой у пекла як мага больш добрых людзей.

Смерць Алеся Пушкіна, якога я ведаў асабіста, гэта не першая і не апошняя ахвяра рэжыму калгаса-фашыстаў ад імя Лукашэнкі.

Сімвалічна, што чарговая беларуская трагедыя адбылася падчас саміту NATO.

Нельга размаўляць пра дэмакратыю калі за 34 кіламетры ад твайго офісу, я маю на ўвазе адлегласць ад цэнтру Вільні да беларускай мяжы, адбываецца масавая трагедыя.

Вы можаце на словах быць хоць 100500 разоў дэмакратамі, але калі вы не здатныя паўплываць на суседзяў, якія забіваюць без усялякага пакарання, то заўтра ахвярамі будзеце вы самі.

Давайце ўзгадаем супраціў пад час Другой сусветнай вайны у Даніі.

Невялікая краіна, у пяць разоў меншая за Беларусь.

Такія самыя людзі як беларусы, маўклівыя, неўсмешлівыя. Рабілі што маглі дзеля супраціву нацыстам.

Без шанцаў на самастойную перамогу.

Сёння датчане ў калектыўнай абароне Захаду.

Чым мы беларусы горшыя?

Саміт NATO, няўжо табе патрэбны прылёт ядзернай зброі, каб зразумець, што дыверсійныя групы ў тыле ворага патрэбныя ўжо сёння?

І гэта могуць быць умоўныя “датчане”, толькі з беларускім акцэнтам.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя