Традыцыйныя каштоўнасці



Мы жывем у час татальнага перасэнсавання яшчэ нядаўняга мінулага і нейкай дзіўнай трансфармацыі грамадстваў. Адразу хачу зацеміць, што не збіраюся зараз даваць гэтаму працэсу нейкую катэгарычную ацэну і сцвярджаць, што гэта вельмі кепска ці наадварот надзвычай добра. Але не заўважаць зменаў і самога такога працэсу – значыць выявіць жыццёвую блізкарукасць. Яшчэ пакаленне нашых дзядоў і прадзедаў жыло ў падобнай парадыгме і ўспрыманні свету, маё пакаленне ўжо моцна адрозніваецца ад пакалення бацькоў, а пакаленне нашых дзяцей – яшчэ больш ад нас. І гэта тая аб’ектыўная рэальнасць з якой, як кажуць, не паспрачаешся. У свеце шалёнага тэхнічнага прагрэсу і мадэрнізацыі светагляду нашай цывілізацыі дзіўным чынам усё больш сорамна стала гаварыць пра традыцыйныя еўрапейскія каштоўнасці. І размова зусім не пра тое, каб ездзіць фурманкамі з мястэчка ў горад ці кляпаць касу і касіць траву як рабілі гэта дзяды. Калі фармуляваць досыць спрошчана, то пад асноўнымі традыцыйнымі каштоўнасцямі зазвычай разумеюць сямейнасць і традыцыйны шлюб, захаванне нацыянальных вартасцяў, шанаванне і кшталтаванне рэлігійных перакананняў.

Дык вось з пэўнага часу само азначэнне «традыцыйныя каштоўнасці» набыло адценне нейкай няпоўнавартаснасці, дэвальвавалася. Адбылося гэта з дзвюх асноўных прычын – адна з іх ідзе да нас з Усходу, іншая – з Захаду. Так наратывы той жа расейскай прапаганды завязаны якраз на прапагандзе «традыцыйных каштоўнасцяў». Толькі насамрэч ідэолагі, прапагандысты і палітычныя лідары гэтай дзяржавы якраз не адпавядаюць і блізка сутнасці самых гэтых каштоўнасцяў, а якраз наадварот. Менавіта ў сённяшняй расейскай імперыі нішчацца цэлыя народы і ніхто не дбае пра іх нацыянальную ідэнтычнасць. Не лепш абыходзяцца і з уласна рускім народам. Рэлігійнасць набыла чалавеканенавісніцкі характар (чаго вартыя прыкладам асвячэнні святарамі РПЦ помніка Сталіну ці ракетных комплексаў пад назвай «Сатана»), пра блаславенне на захопніцкія войны ці распальванне варожасці да прадстаўнікоў іншых канфесій ужо і казаць лішне. Што да сямейнасці, то кіраўнікі той жа Расеі ці Беларусі выразна паказалі, як яны пільнуюцца гэтай каштоўнасці. Тое ж сама можна сказаць пра так званую «эліту» – шматлікія жонкі, каханкі алігархаў, набытая мільённая і мільярдная маёмасць у заходніх краінах, якія цэлы час называюцца варожымі, яскрава сведчаць пра маральнае аблічча і двурушнасць гэтага класу, які цэлы час апелюе нібыта да «традыцыйных каштоўнасцяў». Глядзець варта найперш «па пладах», а не па гучных, часам істэрычных закліках і дэвізах. І разам з тым людзям, якія сапраўды шануюць і кшталтуюць згаданыя каштоўнасці, становіцца ўжо неяк нямка за іх выступаць.

З іншага боку сучасная заходняя леваліберальная ідэалогія робіцца ўсё больш агрэсіўнай у стаўленні да прыхільнікаў «традыцыйных каштоўнасцяў». Створана ўжо процьма ярлыкоў, якія вельмі хутка навешваюцца на апанентаў пры кожным зручным выпадку, пры нагодзе і зусім без яе. На Захадзе, асабліва ў медыях, становіцца ўсё менш сапраўднай свабоды слова, магчымасці выбару і правоў на дыскусію. Як прыклад тут прыгадваецца зусім свежая гісторыя з кіраўніком іспанскай федэрацыі футболу, які пры ўзнагароджванні футбалістак сваёй краіны, што сталі чэмпіёнкамі, на радасных эмоцыях пацалаваў капітана гэтай каманды. І відавочна ж, што ён пацалаваў гэтую футбалістку як суайчынніцу, з якой падзяляў радасць, пацалаваў менавіта як чалавек чалавека. І калі нават гэты парыў быў няўдалым, то прэзідэнт публічна папрасіў ва ўсіх прабачэння. Але яго адразу звінавацілі ў сэксізме, сэксуальных дамаганнях і яшчэ немаведама ў якіх «злачынствах». Грамадскае меркаванне, якое дасягнула сапраўднай стаднасці, змусіла пракуратуру нават распачаць праверку. Ясна, што чалавека зараз проста «з’ядуць», выкінуць з працы і надоўга затаўруюць. А насамрэч, калі ўжо разважаць катэгорыямі той тэрміналогіі, якая зараз укаранілася на Захадзе, то сэксізм выявілі якраз тыя, хто накінуўся на гэтага функцыянера. Нешта падобнае адбываецца ў свеце і з іншымі з’явамі, калі пад дыскрымінацыю ўсё часцей падпадаюць белыя гетэрасексуальныя мужчыны, хрысціянскія вернікі. Тэма гэта шырокая, цяжкая і патрабуе больш глыбокіх разважанняў. Пакуль яшчэ ў «Ніве» застаецца свабода меркаванняў і слова…

Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”, №36, 2023 г.