Ці вераць людзі ў інфармацыйныя фэйкі?



На фоне вайны, больш пачалі шукаць праўдзівай інфармацыі. Кажа адмыслоўца, сузаснавальніца праекту StopFake, украінская журналістка Вольга Юркова. Яе праект займаецца фактчэкінгам, яны збіраюць звесткі пра фэйкавыя навіны з розных крыніц і тлумачыць, чаму гэтыя матэрыялы не адпавядаюць рэчаіснасці. Адмыслоўцы заўважаюць, што заўсёды аўдыторыя антыфэйку меншая, чым аўдыторыя фэйку.

Іх распаўсюджваюць буйныя агульнанацыянальныя СМІ, якія кантралюе дзяржава. Больш таго – гэта розная аўдыторыя, кажа Вольга Юркова, якая акрэсліла праблему:

– У нас праводзілася апытанне грамадскай думкі з гэтай нагоды, вельмі добра, што ва Украіне рэгулярна праводзіцца даследаванне медыя спажывання. Ёсць такая праблема, што аўдыторыя фэйку можа быць большая, чым аўдыторыя антыфэйку. Па-другое, гэтыя аўдыторыі часта не перасякаюцца, бо гэта розныя аўдыторыі. Людзі, якія вераць у фэйкі, яны не шукаюць абвяржэння гэтых фэйкаў. На наш сайт заходзяць, бо яны хочуць атрымаць дадатковыя аргументы ў пэўных спрэчках, таксама магчыма, што яны падазраюць, што штосьці не так і ўжо шукаюць гэтую інфармацыю.

Калі казаць пра нашу аўдыторыю, то недзе каля 40% нашых карыстальнікаў з Украіны, 30% з Расеі і яшчэ 30% з заходніх краін. Ёсць пэўная частка расейцаў, якія таксама шукаюць гэтую інфармацыю, беларусы таксама. Я магу сказаць, што нам вельмі хацелася б, каб хтосьці пабачыў наш сайт і адразу зразумеў: „Нас увесь час падманвалі, але цяпер мы ведаем праўду!”. На жаль гэта так не працуе, бо людзі, якія вераць у фэйкі, яны маюць пэўныя перакананні, гэтыя фэйкі ўбудаваныя ў іх карціну свету і гэтую карціну свету так проста не памяняць. Будзе пастаянны дыялог, пэўны працэс. Мы бачым, што гэты працэс адбываецца з асобнымі людзьмі, але ён не імгненны, ён паступовы. З іншага боку я не раз бачыла, напрыклад, нейкі дыялог у сацсетках, дзе пашыраецца нейкі фэйк. Тут хтосьці прыходзіць і кажа: ” StopFake гэта ўжо абверг”. Гэта ўжо такі аўтарытэт на які спасылаюцца, пазначаюць спасылкі. Я нават спадзяюся, што гэтыя распаўсюднікі фэйкаў усё ж такі зойдуць і прачытаюць. Можа ў іх штосьці адкладзецца і паступова яны прыйдуць да таго, што гэта няпраўда і будуць крытычна ставіцца да гэтай інфармацыі.

Важна, што ў нас ёсць такое даследаванне і што мы маем шанец данесці гэтую інфармацыю да тых, хто прымае рашэнне ва Украіне і за мяжой, гэта важная частка нашай працы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

У базе праекту StopFake ужо 6 тысяч фэйкаў. Што сведчыць, пра тое, як іх багата ў інфармацыйнай прасторы. Праект StopFake ствараўся ва Украіне валанцёрскі інтэрнэт-праект у сакавіку 2014.

Беларускае Радыё Рацыя