У Бабруйску КДБ затрымаў 18-гадовага хлопца
Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі проста на вуліцы затрымалі 18-гадовага Арцёма Бярозкіна, паведамляюць праваабаронцы-вясноўцы. Здарылася гэта ў рамках „зачысткі”, якую загадаў правесці Аляксандр Лукашэнка.

Юнака паклалі на асфальт і прывезлі дамоў, дзе яго раздзелі і прымусілі аголеным, у адных трусах, застрашаным, расказваць на відэа, што ён стварыў тры каналы ў тэлеграме, дзе размяшчаў „экстрэмісцкія”, нібыта, матэрыялы — да прыкладу, фатаграфіі ўкраінскіх вайскоўцаў. Таксама яму ў віну ставяць створаны ў тык-току акаунт, прысвечаны змаганню Украіны супраць расейскай агрэсіі. Відэа з хлопцам апублікавалі лукашэнкаўскія СМІ.
Аб працягу „комплекснай адпрацоўкі асоб, якія падтрымліваюць „антыдзяржаўныя погляды”, паведаміла 17 сакавіка прэс-служба МУС. Толькі ГУБАЗіК штодзень праводзіць каля 20 ператрусаў. Загад пра зачыстку аддаў Лукашэнка, пасля таго, як беларускія партызаны з выкарыстаннем дронаў вывелі з ладу каштоўны расійскі самалёт, які базаваўся на аэрадроме ў Мачулішчах.