У Баранавічах будуць судзіць мужчыну з першай групай інваліднасці
12 верасня суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна будзе разглядаць справу мужчыны з першай групай інваліднасці Уладзіслава Рабіча, які мае дыягназ ДЦП і выкарыстоўвае вазок.

Яго абвінавачваюць паводле ч.2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Суддзя па справе — Мікалай Кміта.
Як стала вядома „Вясне”, мужчыну будуць судзіць за „рэакцыю” на пост пра Лукашэнку. Дзявятага жніўня бягучага года ў дом, дзе знаходзіліся Уладзіслаў і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. У грубай форме яны пагражалі мужчыну і прапанавалі яму пракаментаваць напісанае ім у адказ на пост 2020 года пра Лукашэнку: у каментары Уладзіслаў пагаджаўся з напісаным у пасце. Калі б ён „пакаяўся”, то міліцыянты „прабачылі б яго”. Аднак Уладзіслаў адмовіўся казаць, што памыліўся, і заявіў, што не зменіць сваё меркаванне. Таксама мужчына дадаў, што для яго гонар — што да яго прыйшлі 9 жніўня з аўтаматамі. Тады яму паабяцалі крымінальную адказнасць.
Суд адбудзецца на трэцім паверсе будынка тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Там няма пандуса.
Праваабарончы цэнтр „Вясна”