У Баранавічах з’явіліся ўлёткі “Волю палітвязням. Патрыёт не злачынца!”
У людных месцах Баранавіч з’явіліся ўлёткі пад назвай “Волю палітвязням. Патрыёт не злачынца!” На ўлётках – здымкі палітвязняў, якія томяцца ў засценках КДБ.

А таксама людзі ўбачылі ўлёткі эканамічнага плану пад назвай “Народ, яшчэ пытанні ёсць, што для ўлады важней?!” Дзе паказаны разыход бюджэту дзяржавы ў беларускіх рублях на розныя структуры, кажа грамадскі актывіст Рыгор Грык, які ўбачыў улёткі:
– На досках аб’яў, ля пад’ездаў, на прыпынках налеплены ўлёткі, дзе расказана, колькі ў нас выдзяляецца грошай у бюджэт на міліцыю, на армію, на навуку, пенсіі, заробкі. Найлепш у нас фінансуюцца органы бяспекі – гэта міліцыя, пракуратура, суды, якія зараз займаюцца тым, каб утрымаць сённяшнюю ўладу.
Паводле Рыгора Грыка, найбольш грошай – 2.5 мільярды ідзе на выплату знешняга доўгу. Але гэтыя крэдыты бяруцца не дзеля дабрабыту народа, а дзеля дабрабыту праўладных структур. На сілавыя структуры – каля двух мільярдаў, на ахову здароўя і адукацыю крыху больш за 800 мільёнаў. Найменш – на дарогі.

Беларускае Радыё Рацыя