У Беларусі палітвязнямі прызналі яшчэ 9 чалавек



У Беларусі палітвязнямі прызналі яшчэ 9 чалавек. Гэта – Юрый Басалай, Аляксандр Вольскі, Данііл Жарын, Юрый Жукоўскі, Яўген Івончык, Віктар Карніенка, Яўген Нарэйка, Аляксандр Новікаў і Віктар Уласенка. Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення, паведамляе euroradio.

Вольскі асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за каментар у сацсетцы пра супрацьпраўныя дзеянні міліцыі.

Жукоўскі асуджаны на 8 гадоў калоніі за „арганізацыю масавых беспарадкаў”, „абразу Лукашэнкі”, «распальванне варожасці» і іншае.

Нарэйка атрымаў 4 гады калоніі за выказванні ў каментарах пра сілавікоў.

Новікаў асуджаны на 2 гады калоніі за публікацыю на сваім сайце – у ёй пабачылі «прыкметы рэабілітацыі нацызму». Карніенка атрымаў 3 гады і 6 месяцаў калоніі за «абразу Лукашэнкі», «распальванне варожасці». Івончык праходзіў па „справе Зельцэра”. Басалай асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў зняволення за абразу міліцыянера і захоўванне «нязначнай колькасці сабраных дзікарослых канопляў».

Уласенка атрымаў 4 гады пазбаўлення волі за «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і захоўванне марыхуаны «для асабістага ўжывання».

Жарын, абвінавачаны ў нападзе ў мінулым годзе на будынак Інстытута МУС, накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. У краіне на сённяшні дзень налічваецца 1236 палітвязняў.