У Беларусі пройдзе вялікае шэсце паломнікаў



Беларуская праваслаўная царква рыхтуецца правесці вялікі Хросны ход, які працягнецца восем дзён. Шэсце праводзіцца ў рамках святкавання 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях. Хросны ход запланаваны з 19 па 26 жніўня.

Ён пачнецца са Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, а завершыцца ў Менскім Свята-Духавым кафедральным саборы, – паведамілі ў беларускім экзархаце. Паломнікі маюць пераадолець 250 кіламетраў, па дарозе наведаюць 18 праваслаўных храмаў.

Да ўдзелу ў шэсці запрашаюцца ўсе ахвочыя з Беларусі і замежжа.

Далучыцца да хроснага ходу можна на любым адрэзку шэсця.

Хросны ход пачынаецца 19 жніўня – у дзень, калі праваслаўныя адзначаюць адно з галоўных святаў – Перамяненне Гасподняе. Па значнасці, яно на трэцім месцы пасля Вялікадня і Раства. 26 жніўня, калі Хросны ход завершыцца, адзначаецца Дзень Менскай іконы Божай Маці.