У беларускіх лясах павялічылася колькасць тых, хто заблукаў
Па інфармацыі ратавальнікаў, у краіне ўсталяваўся перыяд вялікіх летніх дажджоў, што спрыяе багатаму ўраджаю дзікаросаў у лясах краіны. У сувязі з гэтым у разы павялічылася колькасць нарыхтоўшчыкаў і адпаведна расце колькасць тых, хто заблукаў. За няпоўны тыдзень восем грамадзянаў не змаглі самастойна выйсці з лесу, ім спатрэбілася дапамога.

Па словах ратавальніка Аляксея Нагорнага, самае галоўнае аператыўна паведаміць пра сітуацыю на адзіны нумар экстраных службаў:
– Людзі, калі ідуць у лес, у абавязковым парадку павінны браць з сабой тэлефон, каб ён быў зараджаны. І незалежна ад таго, вам патэлефанаваў сваяк што заблудзіўся – усе павінны спытаць: патэлефануй у 112. Толькі ў гэтым выпадкі мы можам вызначыць каардынаты таго, хто заблудзіўся. Галоўнае – зараджаны тэлефон і званок у 112. Прычым незалежна ад таго, ёсць грошы, няма грошай, які аператар – ролі не іграе. Набіраем усяго 3 лічбы.
З пачатку ліпеня ў лясах краіны заблукала 48 чалавек. Пры гэтым у Вілейскім раёне пошукі 80 гадовага пенсіянера вядуцца чацвёрты дзень запар, а ў Столінскім раёне пошукі 75 гадовай жанчыны трываюць ужо амаль месяц.
Беларускае Радыё Рацыя, эксперт