У Берасці затрыманы студэнт — на занятках ён намаляваў выбух на Крымскім мосце



У тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, выйшла «пакаяльнае відэа» са студэнтам БрДУ імя Пушкіна. Па інфармацыі @viasna_brest, гэта 19-гадовы Аляксей Гарох.

У відэа хлопец кажа, што раскайваецца ў наступным:
У падтрымцы Украіны;
У тым, што ў сацсетцы «Вконтакте» перасылаў паведамленні «аб перамяшчэнні рускіх войскаў і асуджаў гэта»;
У сацсетцы «Вконтакте» перасылаў свастыку;
У абразе «Вашага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».

Судзячы па паведамленнях сілавікоў, на Аляксея могуць быць складзеныя пратаколы па арт.19.10 КаАП і ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюднацысцкай сімволікі» і «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» адпаведна).

Акрамя таго, супраць студэнта можа быць распачата справа па артыкуле 368 КК РБ за абразу Лукашэнкі.

Малюнак, выкананы студэнтам, сілавікі ахарактарызавалі як «радасць ад тэракту на Крымскім мосце». Ці збіраюцца прыцягнуць хлопца да адказнасці за яго, пакуль невядома.

Вясна