У Берліне адкрылася выстава, прысвечаная дзейнасці Алеся Бяляцкага (абноўлена)



У Берліне 7 верасня у Інстытуце Пілецкага адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай дзейнасці Алеся Бяляцкага. Праект расказвае пра жыццёвы шлях лаўрэата Нобелеўскай прэміі, яго высілкі для развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, змаганні за правы чалавека.

На ўрачыстым адкрыцці выставы прайшлі прэзентацыя Таццянай Нядбай кнігі „Алесь: шлях да перамен”, а таксама прэм’ера дакументальнай стужкі „Bialacki” ад „Маланка Медыя” з выступам рэжысёра.

Арганізатарка выставы Яўгенія Курыловіч расказала падрабязнасці:

РР: Як нарадзілася ідэя гэтай выставы?

— Гэтая ідэя нарадзілася ў Яўгена Вапы, дырэктара Радыё Рацыя, калі ён быў на ўручэнні нобелеўскай прэміі міру Алесю, якую атрымлівала жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. Тады ён зразумеў, што гэта трэба зрабіць дзеля Алеся і дзеля праваабарончай дзейнасці „Вясны“.

РР: Праект расказвае пра жыццё Алеся Бяляцкага, ягоныя намганні ў развіцці, умацаванні ў грамадзянскай супольнасці. Але канкрэтна, што там было ў Берліне, што можна было паглядзець, што можна было паслухаць, хто наведаў адкрыццё?

— Нашая імпрэза складалася з трох блокаў. Мы паказвалі дакументальны фільм, што быў створаны адмыслова для гэтай імпрэзы. 25-га верасня ён будзе прэзентаваны на Ютуб-канале „Маланка Медыя“.

РР: 25-га не выпадковая дата?

— Так, 25-га верасня Дзень нараджэння Алеся Бяляцкага.

РР: Таксама была прэзентацыя кнігі.

— Так, была выстава і прэзентацыя кнігі Таццяны Нядбай, і фактычна, мы вельмі хацелі, каб гэтая імпрэза, усе тры блокі паказвалі і расказвалі пра Алеся, не толькі як пра праваабаронца і беларуса, што хоча ўсяго найлепшага для сваёй краіны, але таксама як сапраўднага чалавека, як пісьменніка, як сапраўднага беларуса. І мне здаецца, што ў нас гэта ўдалося.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Фота арганізатараў выставы