У чым «сакрэт» расейскай прапаганды?



Нам выпала жыць у век суцэльнай і татальнай прапаганды. Так ці інакш яна дзейнічае амаль на кожнага чалавека, і нават шматгадовы жыццёвы досвед часам, а то і часта, не засцерагае ад яе ўплыву. Добра яшчэ, калі вам у мазгі «заедзе» рэклама якой-небудзь цудадзейнай пасты, неверагоднага пральнага парашку ці райска салодкай чакаляды, якая сама растае ў роце. Такія ашуканства ці самападман у горшым выпадку ляснуць па вашым кашальку, але не па галаве. Таму эканамічная рэклама-прапаганда не такая страшная.

Куды горш, калі праз тэлевізійна-радыйна-газетную, а цяпер, як найбольш уплывовую інтэрнэтную прапаганду у галовы мільёнаў людзей укладаюцца ідэі, якія вядуць да ксенафобіі, нянавісці і ўрэшце страшнай вайны не толькі на псіхалагічнае, але і на фізічнае вынішчэнне. Так як здарылася за апошнюю чвэрць стагоддзя з расейскай недасканалай (ад дзеяслова «сканаць») імперыяй. У ёй прапаганда ішла ў авангардзе распальвання нянавісці і цяпер працягвае яе культываваць.

У чым жа сакрэт гэтай прапаганды «русского мира», якая так глыбока і трывала захапіла не толькі бяскрайнія прасторы Расейскай федэрацыі, але і многіх людзей у сумежных з ёй краінах?

А хітрасць і подласць гэтай прапаганды палягае найперш у тым, што тыя дэкляраваныя каштоўнасці, за якія яна нібыта выступае, насамрэч не толькі не шануюцца ў Расеі, але даўно ўтаптаныя ў гразь па самую шыю. У лепшым разе толькі галава тырчыць. Прыкладам, прапаганда шмат далдоніць пра хрысціянскія каштоўнасці, пра праваслаўныя скрэпы, традыцыйнасць сям’і. Толькі дзе іх можна ўбачыць – Расея ці не сусветны лідар па забойствах, разводах, абортах, сямейным гвалце, п’янстве і алкагалізме? Дзе тая высокадухоўная мараль, якая існуе толькі на словах? Дзе тое духавенства, якое павінна несці хрысціянскую любоў, а само, амаль паўсюль пагрузла ў «стяжательстве», матэрыяльнай раскошы і крывадушнасці? Дзе той «великий могучий русский язык», які даўно заменены мацерным татальным брыдкаслоўем!?

Ці нацыянальныя каштоўнасці. Дзе іх росквіт у расейскай імперыі, у якой фактычна паняволены каля двухсот народаў і народнасцяў, культура і мова якіх топчацца і абражаецца штодзённа і сістэмна маскоўскім абцасам? У Расеі бальшыня гэтых народаў знаходзіцца амаль у рабскім стане, не мае ні правоў, ні магчымасцяў на сваё развіццё. Яны маюць права толькі памерці за маскоўскую імперыю і яе правадыра. Загінуць на бессэнсоўнай, як і ўсё ў Расеі, вайне.

Многія зараз адзначаюць, што за апошнія 20 гадоў колькасць людзей, здольных асэнсаваць рэчаіснасць і адрозніць праўду ад хлусні, крытычна ўпала. На тое ёсць свае прычыны. У 1970-ых-80-ых гадах у савецкім саюзе людзі ўжо акрыялі ад сталінскіх рэпрэсій. Калі паглядзець у юцюбе архіўныя перадачы таго часу – то нават не верыцца – у культурных і забаўляльных перадачах людзі адкрытыя, твары светлыя, вочы разумныя. Так, савецкай палітычнай прапаганды яшчэ было шмат, але ёй ужо ніхто не верыў, бо народ хоць крыху адчуў свабоду. Ды і была яна, тагачасная прапаганда, нейкай фармальнай і зусім непераканаўчай. Што і вылілася заканамерна ў гарбачоўскую перабудову, калі прыйшлі сапраўдная свабода слова, шырокія дыскусіі, грамадскія абмеркаванні, урэшце – так званы «парад суверэнітэтаў», калі цэлы шэраг «брацкіх рэспублік» атрымалі права на вольнае развіццё. Толькі сілы зла, на якіх трымаліся і расейская імперыя і савецкі саюз, нікуды не зніклі, быў запушчаны «браняпоезд спецслужбаў», што пэўны час стаяў на запасным торы. Адбыўся рэванш таталітарнай сістэмы, страх спакваля вярнуўся.

Страх, які паралізуе самастойнасць мыслення, звычайны канфармізм прыводзяць да таго, што ў чалавека прападае крытычнасць погляду на свет, прычым не ў глабальным нават сэнсе, а ў набліжаным. Чалавек перастае асэнсоўваць рэчаіснасць вакол сябе, тое, што робіцца і творыцца фактычна на яго вачах, тое, што, здавалася б, відавочна ўсім. А выяўляецца, што насамрэч тое відавочнае ў Расеі бачаць і разумеюць адзінкі. Гнюсная прапаганда надалей робіць сваю чорную справу.

Уладзімір Хільмановіч, штотыднёвік „Ніва”