У Гарадзенскай вобласці пачаліся зборы тэрытарыяльных войск



У Навагрудскім і Карэліцкім раёнах Гарадзенскай вобласці праводзяцца зборы з воінскімі часткамі тэрытарыяльных войскаў і органамі кіравання тэрытарыяльнай абароны, паведаміла Міністэрства абароны 31 сакавіка. Зборы працягнуцца да 21 красавіка.

Зборы праводзяцца ў рамках плана падрыхтоўкі тэрытарыяльных войскаў для павышэння іх баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, праверкі рэальнасці і тэрмінаў выканання мабілізацыйных мерапрыемстваў.

Таксама ў рамках збораў праводзяцца навучанне чыноўнікаў з райвыканкамаў і вайсковых камісарыятаў у пытаннях фармавання тэрытарыяльных войскаў і іх падрыхтоўкі да выканання задач.

Акрамя таго, у працэсе збораў будуць прапрацаваныя пытанні выкарыстання тэрытарыяльных войскаў супольна з падраздзяленнямі і воінскімі часткамі Узброеных Сіл.