У Гомелі палітвязня асудзілі другі раз за паўгода



У Гомельскім абласным судзе вынеслі другі за паўгода прысуд у дачыненні да палітвязня Андрэя Паднябеннага. Ён мае расейскае грамадзянства, але з 6 гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства.

Першы раз Андрэя асудзілі да 15 гадоў калоніі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «акт тэрарызму» за падпал машыны начальніка Кіравання дэпартаменту выканання пакаранняў.

Цяпер Андрэя судзілі па чатырох артыкулах, у тым ліку за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванне сацыяльнай варожасці».

У выніку да 15 гадоў зняволення яму дадалі яшчэ 1 год і 8 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, палітвязня аштрафавалі на 1000 базавых велічыняў (37 000 рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Руслан Царук.

Падтрымайце Андрэя: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Андрэй Валянцінавіч Паднябенны

Вясна