У камісіі па вяртанні назвалі колькасць атрыманых зваротаў
Камісія па вяртанні атрымала за ўвесь час працы каля сотні зваротаў — па электроннай пошце і на Telegram-бот. Пра гэта паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Сёння ў Менску адбылося чарговае пасяджэнне гэтай камісіі пад старшынствам Генпракурора Андрэя Шведа.
-

Фота: Генпракуратура
На пачатку працы камісіі, у красавіку 2023-га, афіцыйна заяўлялі пра 60 пададзеных заяваў. Такім чынам, за пяць месяцаў пасля таго дадалося толькі 40 заяваў.
Месяц таму кіберпартызаны сцвярджалі, што насамрэч у камісію паступілі толькі 16 заяваў. З іх ухвалілі толькі два звароты — Наталлі Пратасевіч (маці памілаванага Лукашэнкам Рамана Пратасевіча) і Філіпа Давыдава.
На пасяджэнні 7 верасня, як паведамляецца, былі разгледжаныя некалькі зваротаў. Аднаму заяўніку пастанавілі адказаць, што ён праходзіць па крымінальнай справе. Яшчэ некалькім паведамяць, што на іх не пачыналі ні адміністрацыйныя, ні крымінальныя справы.
Беларускае Радыё Рацыя