У Херсоне ліквідавалі заўзятага прыхільніка Лукашэнкі
Стала вядома, што ў акупаваным Херсоне ў выніку ракетнага ўдару загінулі два чалавекі, адзін з іх – былы дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад «Партыі рэгіёнаў» Аляксей Жураўка. У 2015 годзе Жураўка з’ехаў у Расею, спецслужбы Украіны выставілі яму завочнае падазрэнне ва ўдзеле ў стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі і дзеяннях, накіраваных на звяржэнне канстытуцыйнага ладу, паведамляе «Белсат».
Экс-дэпутат неаднаразова даваў інтэрв’ю дзяржаўным медыя Беларусі, выступаючы там апалагетам рэжыму Лукашэнкі. Жураўка называў Лукашэнку «вялікім чалавекам», хваліў яго за прыгнечанне пратэстаў 2020 года і за тое, што ён асабіста «выйшаў з аўтаматам».
Ён заклікаў да яшчэ больш жорсткіх рэпрэсій у адносінах да іншадумцаў у Беларусі. Напрыклад, прапаноўваў даваць па 15 гадоў зняволення тым, хто «замахнуў» на лукашэнкаўскі чырвона-зялёны сцяг, а потым выкарыстоўваць іх на цяжкіх працах. А тых, хто крытыкуе ўладу з-за мяжы і потым прыязджае ў Беларусь, ён заклікаў саджаць на 20 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя