У Кіеве пачалося галасаванне за перайменаванне „Менскай” і „Брэсцкай” станцый метро



Кіеўскі метрапалітэн аб’явіў галасаванне за перайменаванне пяці станцый. Назвы станцый „Менская”, „Брэсцкая”, „Герояў Дняпра”, „Дружбы народаў” і „Плошча Льва Талстога” вырашылі змяніць з-за нападу Расеі на Украіну.

Для галасавання дырэкцыя метрапалітэна выбрала па пяць варыянтаў. Пры гэтым „Менская” і „Брэсцкая” могуць захаваць свае назвы. Варыянт „захаваць без змен” ёсць у галасаванні. Таксама можа захавацца назва станцыі „Герояў Дняпра”.

Для „Менскай” прапануюцца таксама варыянты „Варшаўская”, „Марыупальская”, „Вышгародская” і „Бучанская”.

„Брэсцкая” можа стаць „Сцяпана Бандэры”, „Бучанскай”, „Варшаўскай” і „Марыупальскай”.

Варыянты для астатніх станцый можна паглядзець у гугл-форме для галасавання.

Да гэтага Кіеўскі метрапалітэн аб’явіў збор прапаноў па назвах. Як адзначылі ў дырэкцыі, некаторыя былі „экзатычнымі”. Напрыклад, «Менскую» прапаноўвалі перайменаваць у «Боршч», «Рэактыўныя гусі» ці «Трактарную», а «Брэсцкую» — у «Паляніцу».