У Кнігу Славы Гарадзеншчыны ўвайшла Гаўрыіла, якая ненавідзіць усё беларускае



Падчас урачыстага адкрыцця святочных мерапрыемстваў з нагоды 3 ліпеня ў Гародні ўшаноўвалі лаўрэатаў Кнігі Славы Гарадзенскай вобласці. У гэтым годзе спіс папоўнілі імёны пяці жыхароў рэгіёну. Сярод гэтых пяці чалавек – і вядомая ўсім ігумення Гаўрыіла (Глухава). Пасведчанне лаўрэата ёй уручыў Юрый Караеў.

Ігумення Гаўрыіла – адна з самых актыўных праваслаўных асобаў, якія ненавідзяць усё беларускае, Беларусь і беларусаў. Гаўрыіла (Марыя Глухава) родам з Саратава, але школьныя гады яе прайшлі ў Жыровічах. Тым не менш яна пастаянна праводзіць русіфікацыю сярод беларусаў і праваслаўных вернікаў. Няма такой сустрэчы і выступлення, дзе б Глухава з пагардай не адносілася да беларусаў, да нашай мовы і культуры. У яе Рэспублікі Беларусь не існуе, а толькі Белая Русь. У 2019 годзе Глухава выпусціла, падрыхтаваную ёю кнігу “Всерадостное заступление Белой Руси”. Кніга прысвечана гісторыі Жыровіцкага манастыра, але ў гэтай кнізе адсутнічаюць словы Беларусь і Рэспубліка Беларусь, як быццам Жыровіцкі манастыр знаходзіцца ў глыбінцы Расеі. Ды і змест кнігі – антыбеларускі з фальсіфікацыяй гісторыі Жыровіцкай святыні.

Глухава даўно ўзяла пад сваё “крыло” архіепіскапа Наваградскага і Слонімскага Гурыя (Мікалая Апальку), з якім у самых добрых адносінах. І хоць Апалька родам з Полаччыны, але, вядома ж, не без уплыву Глухавай, ён таксама ніколі не з’яўляўся прыхільнікам беларускасці. Лепш бы яго разам з Глухавай саслаць у Саратаўшчыну, Разаншчыну ці Ноўгарадчыну, няхай бы яны там прапагандавалі б ідэалогію рускай праваслаўнай царквы.

Беларускае Радыё Рацыя